Дзяржстандарт сёння

апублікавана 20.04.2022 14:03


 

Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь (далей – Дзяржстандарт) адзначае 30-годдзе з моманту свайго стварэння.

17 красавіка 1992 г. быў утвораны Камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, што паклала пачатак дзяржаўнаму кіраванню ў дадзеных сферах дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

За мінулыя гады пройдзены вялікі і складаны шлях, які цесна звязаны з рашэннем актуальных задач эканамічнага і сацыяльнага жыцця краіны.

Сёння Дзяржстандарт з'яўляецца рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання па правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне тэхнічнага нарміравання, стандартызацыі, забеспячэння адзінства вымярэнняў, ацэнкі адпаведнасці і акрэдытацыі, энергаэфектыўнасці, па ажыццяўленні нагляду ў будаўніцтве і правядзенні дзяржаўнай экспертызы праектнай дакументацыі, а таксама па наглядзе за тэхнічнымі рэгламентамі і стандартамі, рацыянальным выкарыстаннем паліва, электрычнай і цеплавой энергіі.

Структура камітэта складаецца з цэнтральнага апарата, уключаючы Дэпартамент кантролю і нагляду за будаўніцтвам і Дэпартамент па энергаэфектыўнасці, і 53 падведамасных арганізацый, размешчаных ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Флагманамі развіцця асноўных напрамкаў дзейнасці Дзяржстандарта з’яўляюцца нацыянальныя інстытуты: па стандартызацыі – Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі; у галіне метралогіі – Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі.

Функцыі нацыянальнага органа па акрэдытацыі выконвае Беларускі дзяржаўны цэнтр акрэдытацыі.

Беларускі дзяржаўны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па стандартызацыі, метралогіі і кіраванні якасцю рэалізуе адукацыйныя праграмы з улікам сучасных тэндэнцый і тэхналогій.

У рэгіёнах праваднікамі дзяржаўнай палітыкі ў сферах дзейнасці Дзяржстандарта з’яўляюцца тэрытарыяльныя цэнтры стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, а таксама інспекцыі і даччыныя прадпрыемствы, размешчаныя ў абласных цэнтрах і буйных прамысловых гарадах.

Устойлівую платформу для садзейнічання выпуску бяспечнай і высакаякаснай прадукцыі і паслуг, павышэнню іх экспартнага патэнцыялу, укараненню інавацый, ахове інтарэсаў спажыўцоў забяспечвае тэхнічнае заканадаўства. Цяпер у рэспубліцы дзейнічаюць сучасныя законы ў галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі, забеспячэння адзінства вымярэнняў, ацэнкі адпаведнасці тэхнічным патрабаванням і акрэдытацыі органаў па ацэнцы адпаведнасці. Разам з тым рэалізаваны сур'ёзныя захады для распрацоўкі асобнага закона ў сферы акрэдытацыі. Урадам узгоднена канцэпцыя Закона Рэспублікі Беларусь "Аб акрэдытацыі ў Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі", праект якога з'явіцца ў 2023 г. Гэта будзе садзейнічаць гарманізацыі працэдур акрэдытацыі з заканадаўствам СНД, ЕАЭС і лепшай міжнароднай практыкай, павысіць эфектыўнасць нацыянальнай сістэмы акрэдытацыі, кампетэнтнасць акрэдытаваных суб'ектаў і ўзровень даверу да іх дзейнасці.

У адпаведнасці з запытамі эканомікі і грамадства удасканальваецца заканадаўства ў сферы энергазберажэння. Профільныя структуры Дзяржстандарта таксама ўносяць істотны ўклад у развіццё заканадаўства ў сферы будаўнічай дзейнасці.

Штогод у рэспубліцы прымаецца больш за 500 дзяржаўных стандартаў, якія забяспечваюць распрацоўку і вытворчасць канкурэнтаздольнай прадукцыі і паслуг, а таксама рэалізацыю абавязковых патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС.

Найбольш значныя распрацоўкі датычацца прадукцыі і працэсаў у машынабудаванні, будаўніцтве, электратэхніцы, хіміі і нафтахіміі, энергазберажэнні, аграпрамысловым і іншых сектарах, а таксама інфармацыйных і "зялёных" тэхналогій, стварэння безбар'ернага асяроддзя. Узровень гарманізацыі прымаемых у рэспубліцы стандартаў з міжнароднымі і рэгіянальнымі патрабаваннямі складае ў сярэднім 65 %.

База дзеючых дзяржаўных стандартаў налічвае звыш 30 тыс. дакументаў. Больш за 80 % з іх – міждзяржаўныя стандарты (ДАСТ), прымяненне якіх садзейнічае безбар'ернаму гандлю ў рамках інтэграцыйных утварэнняў на постсавецкай прасторы.

Шэраг ініцыятыў Дзяржстандарта па далейшым паглыбленні інтэграцыі ў сферы тэхнічнага рэгулявання рэалізуецца на пляцоўцы ЕАЭС. У прыватнасці, карэкціруецца Дагавор аб ЕАЭС, удасканальваюцца правілы распрацоўкі тэхнічных рэгламентаў, дакументы другога ўзроўню, якія ўстанаўліваюць працэдуры ацэнкі адпаведнасці і нагляду. Разглядаецца комплексны падыход да арганізацыі і фінансавання Еўразійскай эканамічнай камісіяй работ па актуалізацыі патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў і распрацоўцы ДАСТ да іх.

Арганізацыі Дзяржстандарта ажыццяўляюць падрыхтоўку змяненняў у 7 тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС: на ўпакоўку, цацкі, парфумерна-касметычную прадукцыю, машыны і абсталяванне, змазачныя матэрыялы і маслы, маркіроўку харчовай прадукцыі, а таксама патрабаванні па абмежаванні прымянення небяспечных рэчываў у вырабах электратэхнікі і радыёэлектронікі.

У маі 2022 г. уступяць у сілу змяненні ў тэхнічны рэгламент на сельскагаспадарчыя і лесагаспадарчыя трактары, падрыхтаваныя Дзяржстандартам.

Змяненні ўлічваюць назапашаную практыку прымянення і сучасныя патрабаванні рынку.

Цяпер больш за 80 % рэалізуемай на рынках дзяржаў – членаў ЕАЭС прадукцыі з'яўляецца аб'ектам патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС. Усяго іх прынята 52, з якіх 45 уступілі ў сілу.

Беларусь мае эфектыўную і развітую метралагічную інфраструктуру, якая ўключае дзяржаўную метралагічную службу, а таксама метралагічныя службы органаў дзяржаўнага кіравання і прадпрыемстваў краіны.

Развіццё вымяральных магчымасцей ажыццяўляецца пры дзяржаўнай падтрымцы ў рамках падпраграмы "Эталоны Беларусі" ДНТП "Нацыянальныя эталоны і высокатэхналагічнае даследчае абсталяванне". Нацыянальная эталонная база сёння ўключае 63 нацыянальныя эталоны адзінак велічынь, якія неабходны для патрэб атамнай энергетыкі, мікра- і нанаэлектронікі, аэракасмагеадэзіі, прыборабудавання, інфармацыйных тэхналогій, фармацэўтыкі, гандлю, медыцыны, аховы навакольнага асяроддзя. Іх распрацоўка вядзецца з улікам патрэбнасцей эканомікі краіны. Да 2025 г. плануецца да стварэння 11 і мадэрнізацыі 10 нацыянальных эталонаў адзінак велічынь.

Міжнародны ўзровень нацыянальных эталонаў адзінак велічынь пацвярджаецца шляхам параўнання з эталонамі іншых краін. Цяпер у базе даных Міжнароднага бюро мер і вагаў KCDB BIPM апублікавана 296 СМС-радкоў аб найлепшых калібровачных і вымяральных магчымасцях Беларусі ў такіх галінах вымярэнняў, як даўжыня, час і частата, электрычнасць і магнетызм, акустыка, тэрмаметрыя, маса і звязаныя з ёй велічыні, хімія і інш.

У галіне ацэнкі адпаведнасці і акрэдытацыі Дзяржстандартам створана адпаведная інфраструктура, якая ўключае 129 органаў па сертыфікацыі і больш за 2 100 акрэдытаваных выпрабавальных лабараторый. Яны праводзяць работы як у рамках нацыянальнага заканадаўства, забеспячэння адпаведнасці выпускаемай прадукцыі патрабаванням права ЕАЭС у галіне ацэнкі адпаведнасці, так і для стварэння спрыяльных умоў для экспартных паставак прадукцыі.

У рэестр Нацыянальнай сістэмы акрэдытацыі Рэспублікі Беларусь уключаны больш за 200 калібровачных, паверачных і медыцынскіх лабараторый, 28 інспекцыйных органаў і 5 правайдараў праверкі кваліфікацыі.

Рэспубліка Беларусь мае статус падпісанта глабальных пагадненняў аб стварэнні ўмоў для прызнання вынікаў ацэнкі адпаведнасці з міжнароднымі і рэгіянальнымі арганізацыямі па акрэдытацыі.

У ліку прыярытэтаў – ахова рынку ад небяспечнай і няякаснай прадукцыі. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам ажыццяўляецца пастаянны кантроль адпаведнасці пастаўляемых на ўнутраны рынак тавараў абавязковым патрабаванням і заяўленым характарыстыкам.

Прадукцыя, якая прадстаўляе пагрозу жыццю і здароўю спажыўцоў, забараняецца да рэалізацыі і ўвозу на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Штогод забараняецца ўвоз і абарачэнне на тэрыторыі нашай краіны больш за 1 500 назваў небяспечнай прадукцыі. Такая прадукцыя падлягае канфіскацыі суб'ектам гаспадарання з абароту з далейшым устараненнем ім выяўленых парушэнняў, вяртаннем пастаўшчыку або ўтылізацыяй.

Беларусь заўсёды ўдзяляла асаблівую ўвагу пытанням якасці. Напрамкі гэтай работы абазначаны ў праграме "Якасць 2021–2025", прынятай на ўзроўні Урада. Дакумент уключае мерапрыемствы як па развіцці нацыянальнай інфраструктуры якасці, так і па павышэнні якасці ў галінах.

У рэспубліцы праведзена вялікая работа па развіцці метадалогіі сістэмнага падыходу на аснове рызык да кіравання рознымі аспектамі дзейнасці арганізацый для павышэння яе эфектыўнасці.

Укараненне і сертыфікацыя сістэм менеджменту накіраваны на павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі, прымяненне айчыннымі кампаніямі новых ведаў і сучасных інструментаў эфектыўнага менеджменту.

У рэспубліцы сертыфікаваны больш за 7 800 сістэм, якія датычацца менеджменту якасці, бяспекі харчовых прадуктаў, здароўя і бяспекі пры прафесійнай дзейнасці, інфармацыйнай бяспекі, экалагічнага менеджменту і інш.

Дзяржстандарт з’яўляецца актыўным прыхільнікам развіцця конкурснага руху ў галіне якасці. Магчымасць прадэманстраваць дасягнутыя вынікі і стаць лепшымі сёння ёсць у арганізацый, іх тавараў і паслуг, а таксама кіраўнікоў, спецыялістаў і студэнтаў.

Актыўную падтрымку знаходзяць рэспубліканскія конкурсы ў галіне энергазберажэння і энергаэфектыўнасці, кола ўдзельнікаў у якіх надзвычай шырокае: ад дзяцей да прафесіяналаў.

Усе конкурсы знаходзяцца ў пастаянным развіцці як у частцы крытэрыяў і падыходаў да ацэнкі, так і ў інфармацыйнай падтрымцы пераможцаў.

Энергазберагальная палітыка мае сістэмную аснову і рэалізуецца з дапамогай дзяржаўнай праграмы "Энергазберажэнне".

Эфектыўнасць работы па зніжэнні энергаёмістасці айчыннага ВУП пацвярджаецца данымі Міжнароднага энергетычнага агенцтва, згодна з якім у 2019 г. энергаёмістасць ВУП Беларусі знізілася ў 2,1 раза да ўзроўню 2000 г. Гэта больш інтэнсіўна, чым зніжэнне энергаёмістасці такой эканамічна развітой краіны, як Швецыя, і ў два разы больш інтэнсіўна, чым у Канадзе – краіне з падобнымі кліматычнымі ўмовамі. У параўнанні з прамыслова развітымі краінамі – членамі ЕАЭС Беларусь займае лідзіруючае становішча.

Эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў дасягаецца ў асноўным за кошт мадэрнізацыі і тэхнічнага пераўзбраення вытворчасцей з укараненнем сучасных навукаёмістых, рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій, абсталявання і матэрыялаў, у тым ліку павышэння эфектыўнасці тэхналагічных працэсаў з паглыбленнем электрыфікацыі прамысловай вытворчасці, максімальна магчымага павелічэння выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў, уключаючы аднаўляльныя крыніцы энергіі, нагляду за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў.

Органы дзяржаўнай экспертызы і дзяржаўнага будаўнічага нагляду Дзяржстандарта ажыццяўляюць незалежны і эфектыўны кантроль у будаўнічай сферы.

Падведамасныя прадпрыемствы гэтых структур акрэдытаваны на адпаведнасць міжнародным патрабаванням да інспекцыйных органаў і паспяхова пацвярджаюць гэты статус пры ўнутраных і знешніх аўдытах.

Экспертыза праектнай дакументацыі дае магчымасць заказчыкам прымаць бяспечныя і аптымальныя рашэнні па будаўніцтве аб'ектаў. У 2021 г. прадухілены перарасход каштарыснага кошту будаўніцтва ў размеры больш за 840 мільёнаў долараў.

Сучасныя тэхналогіі дыктуюць новыя прагрэсіўныя формы работы. Сёння ўжо дасягнуты ўзровень электроннага ўзаемадзеяння з заяўнікамі ў 90 %. З канца 2021 г. арганізацыі РУП «Галоўдзяржбудэкспертыза» перайшлі на новы мадэрнізаваны праграмны прадукт з сучаснай архітэктурай на аснове мноства мікрасэрвісаў.

РУП "Галоўдзяржбудэкспертыза" таксама рыхтуецца да прымянення тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання (BIM), вывучаючы і ўкараняючы яе ў сябе. Гэта дазволіць быць гатовымі да дадзенага выкліку, паколькі ў краінах – партнёрах BIM ужо мае актыўнае выкарыстанне.

Строгі нагляд за адпаведнасцю патрабаванням праектнай дакументацыі, бяспекі і эксплуатацыйнай надзейнасці будынкаў і збудаванняў, якія ўзводзяцца і рэканструююцца, а таксама да ўтрымання будаўнічых пляцовак ажыццяўляюць інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам.

Пры ажыццяўленні нагляду выкарыстоўваюцца прыборы экспрэс-кантролю паказчыкаў, улічваюцца сучасныя тэхналогіі і вытворчыя працэсы.

У 2021 г. парушэнні былі ўстаноўлены на 7 185 аб'ектах рэспублікі, якія будуюцца, што склала 82 % ад усіх паднаглядных аб'ектаў. На 134 аб'ектах выкананне будаўніча-мантажных работ прыпынялася. Да парушальнікаў прымяняліся як меры папераджальнага, так і адміністрацыйнага характару.

Павышэнню статусу супрацоўнікаў органаў Дзяржбуднагляду, іх іміджу і адказнасці за выкананую работу будзе садзейнічаць выкарыстанне форменнага адзення і знакаў адрознення.

Дзяржстандарт з'яўляецца ўдзельнікам міжнародных і рэгіянальных арганізацый у сферы сваёй кампетэнцыі, займае актыўныя пазіцыі ў правядзенні работ у рамках інтэграцыйных утварэнняў на постсавецкай прасторы, развівае дзелавыя кантакты на двухбаковым узроўні.

Дасягнутыя за мінулыя 30 гадоў вынікі развіцця, існуючы кадравы, навукова-тэхнічны і вытворчы патэнцыял ствараюць трывалую аснову для далейшага развіцця ў інтарэсах эканомікі краіны і грамадства.