Падведамасныя выданнi
апублікавана 07.04.2026 16:35
Афіцыйныя перыядычныя выданні Дзяржстандарта – навукова-практычныя часопісы «Стандартызацыя» і «Энергаэфектыўнасць», а таксама навукова-тэхнічны часопіс «Метралогія і прыборабудаванне» – прадастаўляюць максімальна поўны аб'ём афіцыйнай тэхнічнай, метадычнай і навукова-практычнай інфармацыі, неабходнай арганізацыям і бізнес-суполцы рэспублікі ў іх практычнай дзейнасці.

Навукова-практычны часопіс «Стандартызацыя» (заснавальнікі – Дзяржстандарт і БелДІСС) публікуе афіцыйную інфармацыю Дзяржстандарта, матэрыялы аб работах у рамках ЕАЭС, СНД, ЕС, працэсах міжнароднай, рэгіянальнай і нацыянальнай стандартызацыі, кампетэнтныя растлумачэнні патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў і стандартаў, пытанняў пацвярджэння адпаведнасці, распрацоўкі і ўкаранення сучасных сістэм менеджменту, а таксама актуальныя каментарыі, аналітычныя артыкулы, вопыт лепшых прадпрыемстваў у галіне якасці і эфектыўнага менеджменту.
Асвятленне ў часопісе актуальных аспектаў дзейнасці па гэтых напрамках садзейнічае інфармаванню арганізацый рэспублікі і прымяненню імі дасягнутых вынікаў для павышэння бяспекі, якасці і канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі і паслуг, павелічэння экспартных магчымасцей, асваення сучасных метадаў сістэмнага менеджменту і лепшых практык.

Навукова-тэхнічны часопіс «Метралогія і прыборабудаванне» (заснавальнікі – Дзяржстандарт і БелДім) з'яўляецца вядучым метралагічным выданнем у рэспубліцы, асноўнай крыніцай афіцыйнай інфармацыі ў галіне метралогіі.
У часопісе можна знайсці навуковыя артыкулы, прысвечаныя актуальным праблемам у галіне сучаснай метралогіі, якія змяшчаюць канцэптуальныя ідэі і практычныя рэкамендацыі. Ён кампетэнтна інфармуе аб апошніх дасягненнях у галіне вымяральнай тэхнікі, распрацоўцы новых і ўдасканаленні існуючых эталонаў адзінак фізічных велічынь, міжнародным супрацоўніцтве і выніках сумесных работ, у тым ліку па параўнаннях эталонаў. У часопісе таксама асвятляюцца аспекты метралагічнай дзейнасці, звязаныя з выпрабаваннямі, паверкай і каліброўкай сродкаў вымярэнняў, праверкай кваліфікацыі лабараторый.

Навукова-практычны часопіс «Энергаэфектыўнасць» – спецыялізаванае штомесячнае выданне Дэпартамента па энергаэфектыўнасці. Кампетэнтныя растлумачэнні і каментарыі спецыялістаў, перадавы вопыт прадпрыемстваў па ўкараненні найноўшых энергаэфектыўных тэхналогій, абсталявання і матэрыялаў, сусветныя інавацыі, а таксама простыя і даступныя спосабы эканоміі энергарэсурсаў у побыце робяць часопіс карысным і цікавым для шырокай аўдыторыі.
Спецыялізацыя часопіса:
- тэорыя і практыка эфектыўнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў;
- навуковыя даследаванні, інавацыі ў сферы энергетыкі і энергазберажэння ў Беларусі;
- замежны вопыт, сусветныя тэндэнцыі, у тым ліку ў галіне выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі;
- фарміраванне культуры энергаспажывання;
- нарматыўныя акты і дакументы ў галіне энергазберажэння.

Пазнавальна-гульнявы часопіс «Паліва» - праект Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта і РУП «Белінвестэнергазберажэнне». Выданне створана для таго, каб у даступнай і займальнай форме расказаць дзецям і падлеткам аб сучасных падыходах да энергазберажэння, паказаць практычную карысць беражлівых адносін да энергарэсурсаў і далучыць іх да асэнсаванага ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем.
Часопіс арыентаваны на шырокую аўдыторыю навучэнцаў, чаму садзейнічае паспяховае спалучэнне навуковага падыходу з даступнай і займальнай падачай матэрыялу. Часопіс можа быць скарыстаны ў рамках школьных праграм, праектнай дзейнасці, гурткоў тэхнічнай і экалагічнай скіраванасці. «Паліва» - першае ў сваім родзе выданне для падрастаючага пакалення, якое кажа аб энергазберажэнні проста, сумленна і займальна.
Перыядычнасць выхаду - 1 раз у квартал.
Дзяржстандарт
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь











