Дзяржаўная будаўнічая экспертыза

апублікавана 26.03.2025 20:26


Дзяржаўная будаўнічая экспертыза горадабудаўнічых праектаў, праектнай дакументацыі (далей – дзяржбудэкспертыза) з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзяржаўнага рэгулявання ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці і праводзіцца для прыняцця заказчыкамі, забудоўшчыкамі аб'ектыўных і абгрунтаваных рашэнняў па будаўніцтве аб'ектаў з захаваннем дзяржаўных прыярытэтаў у галіне бяспекі аб'ектаў будаўніцтва.

Пры правядзенні дзяржбудэкспертызы ажыццяўляецца ацэнка адпаведнасці аб'екта дзяржбудэкспертызы патрабаванням нарматыўных прававых актаў, у тым ліку тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці.

Дзяржбудэкспертыза ажыццяўляецца ў адпаведнасці з артыкуламі
75–77 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, Палажэннем аб парадку правядзення дзяржаўнай будаўнічай экспертызы горадабудаўнічых праектаў, праектнай дакументацыі, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 верасня 2016 г. № 791.

Дзяржбудэкспертыза праводзіцца па заяўным прынцыпе на платнай аснове органамі дзяржбудэкспертызы, якімі з'яўляюцца падпарадкаванае Дзяржаўнаму камітэту па стандартызацыі рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Галоўдзяржбудэкспертыза" і яго даччыныя рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы "Дзяржбудэкспертыза" па абласцях і г. Мінску (далей – органы дзяржбудэкспертызы).

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Галоўдзяржбудэкспертыза" з'яўляецца ўпаўнаважаным органам на ажыццяўленне метадалагічнага кіраўніцтва дзейнасцю органаў дзяржбудэкспертызы і выканаўцам дзяржбудэкспертызы ў дачыненні:

• горадабудаўнічых праектаў;

• праектнай дакументацыі;

• праектнай дакументацыі, распрацаванай у якасці тыпавога праекта ў адпаведнасці з ТКП 45-1.02-157-2009 "Праектная дакументацыя для будаўніцтва. Тыпавое праектаванне. Склад і парадак распрацоўкі", зацверджаным Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва.

Даччыныя рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы "Дзяржбудэкспертыза" па абласцях і г. Мінску ў адпаведнасці з тэрытарыяльным размяшчэннем аб'екта будаўніцтва ажыццяўляюць дзяржбудэкспертызу адносна праектнай дакументацыі на капітальны рамонт аб'ектаў першага – пятага класаў складанасці, праектнай дакументацыі іншых відаў будаўніцтва для аб'ектаў другога – пятага класаў складанасці:

• пры каштарыснай вартасці будаўніцтва на дату пачатку распрацоўкі каштарыснай дакументацыі (каштарысы) да 2,6 млн рублёў (без падатку на дабаўленую вартасць) у цэнах на 1 студзеня 2024 г. – пры фінансаванні будаўніцтва за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і крэдытаў (у тым ліку замежных), выдадзеных пад гарантыю Урада Рэспублікі Беларусь;

• пры каштарыснай вартасці будаўніцтва на дату пачатку распрацоўкі каштарыснай дакументацыі (каштарысы) да 26 млн рублёў (без падатку на дабаўленую вартасць) у цэнах на 1 студзеня 2024 г. – пры фінансаванні будаўніцтва за кошт іншых крыніц, акрамя ўказаных у абзацы другім гэтага пункта.

Экспертызу праводзяць спецыялісты высокага прафесійнага ўзроўню, якія атрымалі адпаведныя сертыфікаты кампетэнтнасці ўпаўнаважанага органа.

У мэтах павышэння даверу зацікаўленых бакоў, у тым ліку органаў дзяржаўнага кіравання, да дзеянняў экспертаў, а таксама тэхналагічнага ўдасканалення дзейнасці і стварэння прававога інструмента для рэгламентацыі працэдур правядзення дзяржбудэкспертызы і наступнай ацэнкі яе вынікаў распрацаваны і прыняты стандарты ўпаўнаважанага органа, заснаваныя на ДАСТ ISO/IEC 17020-2013.

Упаўнаважаны орган атрымаў атэстат акрэдытацыі, які пацвярджае, што інспекцыйны орган адпавядае крытэрыям Нацыянальнай сістэмы акрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і акрэдытаваны на адпаведнасць патрабаванням ДАСТ ISO/IEC 17020-2013 як орган, які праводзіць інспекцыі тыпу С. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Галоўдзяржбудэкспертыза" з'яўляецца першым прадпрыемствам у Рэспубліцы Беларусь, якое атрымала адпаведны атэстат акрэдытацыі.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце – gse.by.