Устойлівая энергетыка

апублікавана 04.08.2021 15:40


Сумесна з Міжнародным агенцтвам па аднаўляльнай энергіі (IRENA) Дэпартаментам па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта і рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, грамадскімі арганізацыямі ў 2020 – 2021 гадах падрыхтаваны агляд «Ацэнка гатоўнасці Беларусі да выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі» (далей – Агляд).

У ім праведзены аналіз патэнцыялу Беларусі па далейшым развіцці аднаўляльнай энергетыкі, у тым ліку ў кантэксце аналізу стану і перспектыў выкарыстання іншых відаў паліўна-энергетычных рэсурсаў (нафта, газ, атамная энергія і інш.). Выкананне рэкамендацый, уключаных у Агляд, будзе спрыяць павышэнню іміджу Рэспублікі Беларусь у свеце, прыцягненню крэдытных і грантавых сродкаў для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў і праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі і выкананню Мэты ўстойлівага развіцця №7 “Недарагая і чыстая энергія для ўсіх".

IRENA сфармуляваны наступныя рэкамендацыі па ўдасканаленні развіцця выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) у краіне:

- перагляд мэт па АКЭ ў Канцэпцыі энергетычнай бяспекі Рэспублікі Беларусь;

- удасканаленне сістэмы кватавання АКЭ і пераход да аўкцыёнаў;

- распрацоўка і прыняцце закона аб цеплазабеспячэнні;

- ацэнка патэнцыялу біямасы (тэхналогій па перапрацоўцы біямасы і адходаў у энергію) і геатэрмальнай энергіі;

- прыняцце электрасеткавых стандартаў па інтэграцыі энергіі сонца і ветру ў энергасістэму;

- удасканаленне механізмаў зніжэння рызык для інвестыцый у АКЭ;

- стандартызацыя пагадненняў аб закупцы электраэнергіі;

- улік электраэнергіі для ўласных патрэб прадпрыемстваў і арганізацый у нацыянальнай статыстыцы.

Запуск Агляду адбыўся 29 ліпеня 2021 г. у фармаце on-line з удзелам генеральнага дырэктара IRENA Франчэска Ла Камера, намесніка старшыні Дзяржстандарта - дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Міхаіла Малашанкі, першага намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Баляслава Пірштука, НАН Беларусі, прадстаўнікоў грамадскіх і кансалтынгавых арганізацый.

Поўная версія Агляду на англійскай мове і кароткі пераклад рэкамендацый для Беларусі на рускай мове даступны па спасылцы http://energoeffekt.gov.by/news/news_2021/20210729_new1. Поўная версія Агляду на рускай мове будзе падрыхтавана ў верасні 2021 г. і размешчана на сайце Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта.