30 гадоў Дзяржстандарту

апублікавана 15.04.2022 15:59


Экскурс у гісторыю Дзяржстандарт сёння Мая работа – Дзяржстандарт Нас віншуюць  

 

 

 Валентин Татарицкий

Паважаныя калегі!

Дарагія сябры! 

17 красавіка 2022 года Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь адзначае свой трыццацігадовы юбілей.

Гэты невялікі па гістарычных мерках перыяд часу напоўнены для нас мноствам спраў і падзей, якія сёння сведчаць: сістэма Дзяржстандарта адбылася, яе работа неабходна эканоміцы і грамадству і мае перспектыву далейшага развіцця!

Пачатак дзейнасці камітэта супаў з фарміраваннем нацыянальнай эканомікі Рэспублікі Беларусь. У вельмі няпростых умовах камітэт заваёўваў сваё месца ў эканамічным і грамадскім жыцці краіны, выбудоўваў сістэму забеспячэння бяспекі і якасці прадукцыі і паслуг, адзінства вымярэнняў, нагляду, прыкладаў вялікія намаганні для захавання вытворча-тэхнічных і гандлёвых сувязей на постсавецкай прасторы і садзейнічання экспарту, заяўляў аб сабе на міжнародным і рэгіянальным узроўнях.

Аператыўна, але заўсёды ўзважана і ў інтарэсах краіны камітэт рэагаваў на трэнды развіцця сваіх сфер дзейнасці. А іх за мінулы час было нямала! Дастаткова ўпамянуць пераход на двухузроўневую мадэль устанаўлення патрабаванняў да прадукцыі ў абавязковых тэхнічных рэгламентах і добраахвотных дзяржаўных стандартах, распаўсюджванне разам з сертыфікацыяй дэкларавання адпаведнасці прадукцыі вытворцам або пастаўшчыком.

Пастаянныя пераўтварэнні адбываліся і ў сферы забеспячэння адзінства вымярэнняў, важнейшым вынікам якіх стала стварэнне практычна з нуля нацыянальнай эталоннай базы, якая па праве з'яўляецца набыткам краіны і адным з гарантаў яе эканамічнай бяспекі. Мэтанакіравана развівалася інфраструктура органаў па сертыфікацыі і лабараторый, каб знізіць нагрузку на айчынных вытворцаў па правядзенні выпрабаванняў і вымярэнняў за мяжой, садзейнічаць экспартным пастаўкам, забяспечыць інструментальны кантроль бяспекі і якасці прадукцыі, якая абарачаецца на рынку.

Мерай прымаемых рашэнняў для нас заўсёды былі дакладнае разуменне сваёй важнай ролі ва ўстойлівым развіцці эканомікі і высокая адказнасць. Мы заўсёды імкнуліся апраўдаць давер, які аказвала нам дзяржава і грамадства.

Ужо паўтара дзясятка гадоў камітэт адказвае за сістэмнае і эфектыўнае развіццё такіх важных напрамкаў, як энергаэфектыўнасць і энергазберажэнне, нагляд у будаўніцтве і дзяржаўная экспертыза праектнай дакументацыі. І калі ў пачатку шляху гэта былі новыя і, на першы погляд, не ўласцівыя нам напрамкі дзейнасці, то пасля жыццё паказала правільнасць прынятых рашэнняў. Энергаэфектыўнасць валавога ўнутранага прадукту напрамую ўплывае на канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі, экалагічны і сацыяльны дабрабыт, а незалежны кантроль і нагляд у будаўніцтве без уліку галіновых інтарэсаў садзейнічаюць павышэнню якасці аб'ектаў, якія ўзводзяцца.

Важкі ўклад уносяць спецыялісты сістэмы Дзяржстандарта ў стварэнне і развіццё адзінай сістэмы тэхнічнага рэгулявання Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Адзіныя патрабаванні да прадукцыі і працэдуры яе доступу на рынак дзяржаў – членаў з'яўляюцца гарантам адной з галоўных пераваг інтэграцыі – свабоды руху тавараў. Больш за 80 % узаемапастаўляемай прадукцыі сёння рэгулюецца агульнымі патрабаваннямі.

Большая частка дакументаў у ЕАЭС распрацоўвалася спецыялістамі камітэта ці пры іх актыўным удзеле. І мы маем намер умацоўваць свой патэнцыял на еўразійскай пляцоўцы, выступаючы з новымі ініцыятывамі і прапановамі.

Рэспубліка Беларусь прытрымліваецца лепшых традыцый якасці і бачыць у гэтым поспех і дабрабыт не толькі канкрэтнага прадпрыемства, але і эканомікі краіны ў цэлым. Высокая якасць айчыннай прадукцыі стала крытэрыем пазнавальнасці нашай дзяржавы ў свеце, неад'емнай састаўляючай яе брэнда.

У многім гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ў краіне было захавана адзінае і скаардынаванае развіццё тэхнічнага рэгулявання, стандартызацыі, метралогіі, ацэнкі адпаведнасці і акрэдытацыі як фундаментальнай асновы нацыянальнай інфраструктуры якасці.

Вектары сістэмнай работы ў гэтым напрамку, а таксама ў галінах абазначаны ў прынятай на ўзроўні Урада праграме "Якасць 2021–2025". Яны цесна ўвязаны з праграмнымі дакументамі развіцця краіны і еўразійскай эканамічнай інтэграцыі.

Аператыўная і сістэмная работа ў галіне якасці мае архіважнае значэнне перш за ўсё для дыверсіфікацыі рынкаў збыту прадукцыі, імпартазамяшчэння, забеспячэння даверу новых партнёраў.

Прагортваючы нават бегла дасягнутыя за мінулы час вынікі, выразна бачна згуртаванасць калектыва ўсёй сістэмы Дзяржстандарта, каманды прафесіяналаў і аднадумцаў. Узаемная падтрымка і адказнасць, стваральная праца і адкрытасць да інавацый дапамаглі нам дасягнуць значных поспехаў.

Прыемна, што ў гэтым пастаянным руху наперад разам з намі ідуць прадстаўнікі прамысловасці, навукі, адукацыі, бізнесу, грамадскіх арганізацый. Разам мы прыносім у кожны дом бяспеку і якасць прадукцыі, беражлівыя адносіны да прыродных і паліўна-энергетычных рэсурсаў.

Выказваю шчырыя словы падзякі ўсім, хто мае дачыненне да дзейнасці Дзяржстандарта, яго мінулага, сучаснасці і будучыні!

Перш за ўсё ветэранам, якія стаялі ля вытокаў дзейнасці Дзяржстандарта, тым, хто першым прыйшоў сюды з непахіснай верай у поспех і жаданнем напружана і стваральна працаваць, не лічачыся з асабістымі інтарэсамі.

Словы ўдзячнасці адрасую мудрым, таленавітым і аўтарытэтным кіраўнікам Дзяржстандарта – Валерыю Мікалаевічу Карашкову, які заклаў надзейны фундамент дзейнасці камітэта, і Віктару Уладзіміравічу Назаранка, які ўзначальваў камітэт ва ўмовах паглыблення інтэграцыйных працэсаў.

Ад усёй душы дзякую кожнаму супрацоўніку, а сёння нас больш за 4 тысячы, якія па клічы сэрца і прызванні працуюць на карысць умацавання іміджу Дзяржстандарта.

Звяртаюся таксама і да моладзі, чыя прафесійная дарога толькі пачынаецца, – пры неабыякавым і творчым падыходзе ў вас ёсць усе магчымасці як для развіцця дзейнасці Дзяржстандарта, так і асабістага кар'ернага росту.

Падводзячы сёння юбілейную рысу, мы пачынаем новы этап свайго развіцця. Развіцця ў складаных і непрадказальных умовах санкцыйнага ціску, які аказваецца на нашу краіну.

Упэўнены, што той патэнцыял, які напрацаваны абсалютна па ўсіх нашых кампетэнцыях, дапаможа нам дастойна адказаць на гэтыя выклікі і знайсці новыя нішы для сваёй дзейнасці ў інтарэсах эканомікі і грамадства.

Жадаю вам пастаяннага ўдасканалення, невычэрпнай энергіі, крэатыўных ідэй і праектаў! Стаўце амбіцыйныя мэты і абавязкова дасягайце іх! Адкрывайце новыя гарызонты сваіх магчымасцей!

Моцнага вам здароўя, шчасця і дабрабыту! Беражыце і падтрымлівайце адзін аднаго!

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь  В. Б. Татарыцкі